МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МЕДЫЦЫ́НЫ, Рэспубліканскі музей гісторыі медыцыны Беларусі. Засн. ў 1990 у Мінску, адкрыты ў 1993. Збор экспанатаў пачаты Р.Р.Кручком у 1950-я г. Пл. экспазіцыі 120 м², каля 31,4 тыс. экспанатаў (1999). У музеі прадстаўлены матэрыялы пра асн. этапы развіцця медыцыны на Беларусі са стараж. часоў да пач. 20 ст., станаўленне мед. навук. школ, дзейнасць мед. работнікаў у Вял. Айч. вайну. Ёсць калекцыя аптэчнага посуду з археал. раскопак, фотаальбомы пра ўдзел бел. медыкаў у рус.-яп. вайне 1904—05, удзельнікаў 1-га з’езда ўрачоў Мінскай губ. ў 1908, рэдкія экзэмпляры мед. л-ры, рэчы з асабістых архіваў вучоных і практыкаў аховы здароўя, фотаздымкі выпускаў магілёўскіх цэнтр. фельч. школы (1905) і цэнтр. школы павітух (1911), земскіх урачоў, сясцёр міласэрнасці Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абшчын Чырв. Крыжа, мед. інструменты, узнагароды і інш. Выдае матэрыялы гісторыка-практычных канферэнцый.
Т.Г.Святловіч.
т. 11, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)